ЛАТГАЛЬСКАЯ КУХНЯ

Для латгальскай кухні характэрна простае і сытнае харчаванне, якое складаецца з прадуктаў уласнага вырабу: малака, сыраквашы (па-латгальску — ryuguļs), тварагу, смятаны, масла, хлеба, крупяных каш і супоў, бульбы (па-латгальску — buļbas), цыбулі, капусты, розных злакавых, мяса — часцей салёнага або вэнджанага. Асаблівым быў працэс выпякання хлеба, які лічыўся сімвалам дастатку, багацця і матэрыяльнага дабрабыту.

Вельмі строга выконваліся пасты, падчас якіх людзі ўстрымліваліся ад ужывання мяса і іншых скаромных прадуктаў. Перад пастом былі так званыя запусты (заговіны), калі абавязкова рыхтавалі мясныя стравы і пяклі бліны (па-латгальску — bļīni). Святочная ежа асабліва не адрознівалася ад паўсядзённай, аднак у святочныя дні яна была больш багатай. На стол падавалі разнастайныя віды каўбас — з молатага або сечанага мяса (па-латгальску — kilbasys), крупяную, бульбяную і крывяную каўбасы, халадзец (па-латгальску — studiņs / studziņs, kvašelina, aukstuo gaļa) і розную выпечку з пшанічнай мукі (піражкі, пірагі, хатняе печыва і аладкі з дражджавога цеста). У латгальскіх гаспадынь асаблівай ежай быў сыр, які падаваўся з хатнім півам.

Падобныя рэцэпты страў таксама сустракаюцца і ў кухнях іншых народаў. Так, напрыклад, guļbešņīkus (піражкі з варанай тоўчанай бульбы з начыннем), zacirku (малочны суп з расцёртымі клёцкамі), krupniku (густы суп з ячневымі крупамі), аўсяны кісель рыхтавалі мясцовыя беларусы, рускія і палякі; бліны таксама пяклі рускія, беларусы, палякі і яўрэі, cymuss — тушаную ў хлебнай печы бручку — страву з такой назвай, але з іншымі інгрэдыентамі, гатавалі гэтаксама мясцовыя яўрэі.

Рэцэпты страў перадаваліся з пакалення ў пакаленне, таму ў дасведчаных хатніх гаспадынь рэдка сустракаліся такія меры, як грамы і літры, распаўсюджанымі мерамі былі жменя, дробка, кубак, кавалачак, адчуванне смаку і мера на вока.

Дзякуючы спагадлівасці мясцовых гаспадынь можна пазнаёміцца з рэцэптамі страў, якія падаваліся на стол з пакалення ў пакаленне, захоўваючы рэцэпты латгальскай кухні Краслаўскага краю на доўгія часы.